ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,
малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.
У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл. Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)